среда, 24 декабря 2014 г.

Роберт Ф. Тафт, Літургія: узор малітвы – ікона жыцця (15)


Працяг...
(Пераклад з ангельскай - а. Андрэй Буйніч)


Разважанне 4
Зямная святыня, ікона нашага адкпленага свету

1. Візантыйскае бачанне

СТАРАЖЫТНЫЯ ВІЗАНТЫЙЦЫ бачылі у сваім моцна рытуалізаваным грамадстве, ні больш ні менш, вобраз Боскага свету. Гэта асабліва спраўджваецца ў іх цэрквах і багаслужэнні, якое ў іх адбываецца. Паводле вядомых слоў св. Германа І, патрыярха Канстанцінопаля (715-730): "Царква – гэта неба на зямлі, дзе Бог нябесны жыве і рухаецца"1. Гэта лаканічнае акрэсленне, якое бясконца паўтараецца на працягу стагоддзяў, вызначыла параметры усіх будучых дыскусій на тэму візантыйскага культу і яго чынапаследванні.


Легендарныя пачаткі хрысціянства Кіеўскай Русі таксама пацвярджаюць, што багаслужэнне з'яўляецца вышэйшай крышталізацыяй нашай веры. Згодна з так званым летапісам Нестара ад 987 году, балгары (мусульмане), немцы (лаціняне), гэбраі і грэкі – усе спрабавалі пераканаць кіеўскага князя Уладзіміра прыняць іх рэлігію, як веру Русі. Тады князь разаслаў сваіх эмісараў даследаваць тое, што гэтыя рэлігіі могуць запрапанаваць. Вось як апісвае падзеі хроніка, калі пасланнікі прыехалі ў Канстанцінопаль:

На наступны дзень паслаў [імператар] да патрыярха, так вось гаворачы: «Прыйшла Русь выпрабоўваць веру нашу. Падрыхтуй царкву і духавенства, ды і сам апраніся ў біскупскае аблачэнне, каб яны пабачылі славу Бога нашага». Калі Патрыярх пачуў гэта, ён загадаў духавенству сабрацца, і яны паводле звычая адслужылі святочную службу, запалілі ладан, а хоры спявалі гімны. Імператар жа пайшоў з рускімі ў царкву, і паставіў іх на лепшым месцы, паказваючы ім прыгажосць царквы, спеваў, і архіярэйскай багаслужбы з дыяканскім служэннем, ды расказаў імпра пакланенне свайму Богу [...]

Калі паслы прыйшлі ў сваю зямлю [, то сказалі князю Уладзіміру]: «Хадзілі мы да балгараў, глядзелі, як яны моляцца ў храме, г.зн. у мячэці [...] Не добры закон іх. І пайшлі мы да немцаў [г.зн. лаціннікаў] і бачылі іх багаслужбу, але мы не бачылі ніякай там славы. Потым мы пайшлі ў Грэцыю, і грэкі прывялі нас туды, дзе яны пакланяюцца іх Богу, і мы не ведалі, ці былі мы на небе, ці на зямлі: бо на зямлі няма такога хараства ці такой прыгажосці, і мы не ведаем, як апісаць гэта. Мы толькі ведаем, што Бог перабывае там, сярод людзей, і іх багаслужба лепшая чым у іншых краінах. Мы не можам забыць той прыгажосці […]
2.
Такі візантыйскі светапогляд не фантазія – ён заснаваны на таямніцы ўцелаўлення Хрыста, якая абвешчана ў Пісанні і разгорнута ў тэкстах нашай літургіі. Ліст Паўла да Піліпцаў (2: 5-11) ахоплівае ўсю керыгму:


[Ісус Хрыстос,]
які, маючы постаць Божую,
не лічыў сваім здабыткам роўнасць з Богам,
але прынізіў Самога Сябе,
прымаючы постаць паслугача
і стаўшыся на падобнасць людзей,
і па знешнасці прызнаваны за чалавека;
ўпакорыў Самога Сябе,
стаўшыся паслухмяным ажно да смерці,
і нават смерці крыжовай.
Дзеля таго і Бог узвысіў Яго,
і даў Яму імя, якое вышэй за ўсякае імя,
каб прад імем Ісуса сагнулася кожнае калена
на небе, на зямлі і пад зямлёй,
і каб кожны язык вызнаваў: «Ісус Хрыстос ёсць Госпад!»,
на славу Бога Айца.

Гэтая лірычнае
credo коратка падсумоўвае дактрынальную аснову праваслаўна-каталіцкай літургічнай тэалогіі ў Пасхальнай Таямніцы Хрыста, ад кенозіса (або самаспусташэння) у Яго ўцелаўленні, пакутах і ўкрыжаванні, да яго ўзвышэння праз Уваскрасенне, Узнясенне, і сядзенне праваруч Айца, аж да канчатковага праслаўлення ў нябеснай літургіі Агнца, разам з анёламі і святымі перад пасадам Бога. Гэтыя узаемазалежныя дактрыны ляжаць у аснове візантыйскага светапогляду і падобныя да паслядоўна ўзаемазлучаных звёнаў ланцуга, які цягнецца ад Уцелаўлення Богачалавека – Ісуса.
Над тым, што калісьці было непераадольнай прорвай паміж боскасцю і чалавецтвам, быў перакінуты – як вераць хрысціяне – мост уцелаўлення адвечнага Слова Божага, якое сталася целам. Гэта не толькі мост праз бездань паміж Боскасцю і чалавецтвам. Гэта таксама робіць збаўчы Божы Провід сталай рэчаіснасцю. Для візантыйскай культуры гэта таксама дазвол выяўлення Боскасці ў іконе і рытуале: "Абаронцы святых абразоў абгрунтоўвалі магчымасць хрысціянскай іканаграфіі на самым факце ўцелаўлення Слова"3. Св. Ян Дамаскін (каля 675-749), апошні з грэцкіх айцоў Царквы, навучаў у сваёй Першай апалогіі супраць тых, хто адкідае святыя іконы:

У ранейшыя часы Бог, які нямае формы, ані цела, ніяк не мог быць намаляваны. Але цяпер, калі Бог стаўся бачны ў целе […], я прадстаўляю вобраз Бога, якога бачу4.

У гэтай тэалогіі, царкоўны рытуал ўяўляе сабой як прадстаўленне гэтак і рэпрэзентацыю – цяперашняе прадстаўленне нанова – зямной справы збаўлення Хрыста. У сваім дыялогу Супраць усіх ерасяў, у параграфах 289-290, Сімяон Салунскі (+1429) дае гэтаму бачанню наступнае візантыйскае тэалагічнае сфармуляванне:

[...] Ісус, Які з'яўляецца бесцялесным, невымоўным і недасяжным розумам, але хто дзеля нас прыняў цела і стаўся зразумелай [Мудрасцю], якая «убачана была на зямлі і пачала яна прабываць сярод людзей" (Барух 3:38), застаўся Богам, каб асвяціць нас падвойным чынам, паводле таго, што з'яўляецца нябачным і таго, што ёсць бачным […]. І, такім чынам, ён перадаў для нас сакраманты у падвойнай форме: у матэрыяльнай і бачнай дзеля нашага цела, і ў той жа час зразумелай і містычнай, і напоўненай нябачнай ласкай дзеля нашай душы5.

Існуе адна і тая ж Царква ўверсе і ўнізе, бо Бог прыйшоў і з'явіўся сярод нас, і быў бачны ў нашай постаці, ды ўчыніў тое, што Ён ўчыніў для нас. Святарская актыўнасць, камунія і сузіранне Госпада, складаюць адну справу, якая ажыццяўляецца адначасова ўверсе і ўнізе, але з той розніцай, што там уверсе – гэта робіцца без заслон і сімвалаў, тут жа здзяйсняецца пры дапамозе сімвалаў...

1 St. Germanus of Constantinople, On the Divine Liturgy, St. Vladimir's Seminary Press, Crestwood 1984, с. 56, 58.
2 S.H. Cross and O.P. Sherbowitz-Weltzor, The Russian Primary Chronicle. Laurention Text, Cambridge, MA 1953, c. 110-111.
3 Vladimir Lossky, Tradition and Traditions, у: Vladimir Lossky, Leonid Ouspensky, The Meaning of Icons, St. Vladimir's Seminary Press, Crestwood 1982, c. 14.
4 John of Damascus, On the Divine Images. Three Apologies Against Those Who Attack the Divine Images, St. Vladimir's Seminary Press, Crestwood 1980, с. 23.
5 PG 155,524D-525A і 340AB.

Комментариев нет:

Отправить комментарий