воскресенье, 19 октября 2014 г.

Роберт Ф. Тафт, Літургія: узор малітвы – ікона жыцця (1)

(пераклад з ангельскай - а. Андрэй Буйніч)

Разважанне 1
“Госпадзе, навучы нас маліцца” (Лк.11:1)

У Евангеллі паводле св.Лукі мы чытаем, што вучні, бачачы Ісуса на малітве, прасілі Яго: “Госпадзе, навучы нас маліцца” (Лк.11:1). Давайце паўторым гэту малітву распачынаючы нашыя рэкалекцыі. Рэкалекцыі – гэта ўласна малітва, а каб маліцца нам трэба ведаць, чым яна ёсць. Існуе шмат гатункаў малітвы. У гэтым першым разважанні я аднак кажу пра тое, што звычайна мы называем “прыватная малітва” – хоць, канешне, ніводная малітва не з’яўляецца прыватнай у сэнсе самотнага яе прамаўлення, паколькі кожная выплывае з Божага Духа, які нястомна дзейнічае ў нас. Св. Павел гаворыць нам: “Дык ніхто н можа сказаць: “Госпад Ісус”, як толькі ў Духу Святым” (1 Кар. 12:3). Акрамя гэтага малітва заўсёды адбываецца пры ўдзеле сулучнасці святых, у супольнасці, да якой мы належым праз хрост.


1. Ісус вучыць нас, як маліцца

Як заўсёды ў духоўным жыцці – гэта Ісус ёсць для нас узорам малітвы[1]. Як жа Ён маліўся? Відавочна, што літургічна, як пра гэта сведчыць Новы Запавет, паказваючы Яго ўдзел у гэбрайскіх святах, у багаслужэннях у ерусалімскай святыні, у малітвах у сінагозе, інакш: як Ён прымае ўдзел у тагачаснай гэбрайскай літургіі. Што аднак найбольш важна з пункту гледжання гэтых разважанняў, якія распачынаюць нашы рэкалекцыі, гэта тое, што мы бачым Яго таксама на прыватнай малітве, а гэтым самым пасрэдна вучачы нас малітве, даючы нам прыклад у гэтым кірунку. Ісус моліцца самотна (гл. Лк.6:12), асабліва ў хвіліны тугі і трывогі, так як у Гефсеманскім садзе (гл. Мц.26:36-46; Мк.14:32-42; Лк.22:40-46), калі просіць пра пацяшэнне і палёгку ў пакутах. Ён моліцца да Айца, бласлаўляючы Яго, славячы, выхваляючы, аб’яўляючы Яхо хвалу, складаючы Яму падзяку, просячы Яго (гл. Мц.11:25-27; Лк.10:21-22; Ян.12:41-42). Ён прамаўляе цудоўную малітву, развітваючыся з вучнямі (гл. Ян.17). Моліцца, канючы на крыжы (гл. Мц.27:46; Мк.15:34; Лк.23:34,43,46; Ян.19:30).
         Калі Яго ўпрост запыталі, як маліцца, то Ісус вучыць сваіх вучняў малітве Ойча наш, падаючы яе як ідэальны узор (гл. Мк.6:9-15; Лк.11:2-4). Ён таксама вучыць іх маліцца не напаказ, але ціха, пакорліва і ў духу; не так як фарысеі, што “дзеля віду доўга моляцца” (гл. Mк. 12:40; Лк. 20:47), але на самоце, пры дапамозе некалькіх слоў (гл. Mк.6:1,5-8), пакорліва просячы прабачэння, як мытнік (Лк.18:9-14). Ісус наказвае нам маліцца настойліва, а нават упарта, чапляючыся да Бога, пакуль ён не дасць нам тое, чаго мы хочам, каб толькі пазбавіцца ад нас (Мц.7:7-12; Лк.11:5-13,18:1-8). Мы бачым таксама ўласны прыклад Ісуса, калі Ён моліцца раніцай (гл. Мк.1:35), увечары (гл. Мц.14:34; Мк.6:46; Ян.6:15), чуваючы ўначы (Лк.6:12) і намаўляючы сваіх вучняў зрабіць тое ж самае, гаворачы ім “дык чувайце і малецеся, бо не ведаеце, ані дня ані гадзіны...” (пар. Мц.9:14-15, 25: 1-13; Мк.2:18-20, 13:33-37; Лк.5:33-35,13:35-40; пар. 1Тэс.5:2; Адкр.3:3,16:15,19: 9). Ісус таксама вучыць нас, што “трэба маліцца заўсёды і не ўкідацца ў роспач” (Лк.18:1), маліцца з верай і даверам (гл. Мк 11:24), паколькі Ён запэўнівае нас, што мы атрымаем адказ на нашыя малітвы (гл. Мц.7:7-11; Лк.11:9-13; Ян.15:7,17,16:26; Як.1:5-8) - хоць вядома не абавязкова такім чынам, як мы гэтага жадаем. Бо і мы молімся ў малітве Трэцяга антыфона: “выканай просьбы слугаў Тваіх для нашага дабра”.
Такім чынам, Ісус паказвае нам, што няма нічога, чаго б мы не маглі папрасіць у малітве, акрамя граху. Ён вучыць нас малітвы, якая выражае просьбу і падзяку, смутку і прабачэнне, навязлівасць і нават скаргу. І гэтая малітва з'яўляецца адначасова і хрысціянскай, і трынітарнай. Паколькі можна маліцца Айцу ў імя Ісуса (гл. Ян.14:13,16:24; Флм.3:17, Эф.5:20); можна маліцца Ісусу непасрэдна (гл. Мц.1:40-41, 2:5, 5:28,36, 7:29, 9:27; Мк.10:46-52; Лк.23:39-43); і можна маліцца ў Сьвятым Духу (гл. 1Кар.12:13) і да Яго, як у візантыйскай малітве "Уладару Нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды" ці лацінскай "Дух Святы, прыйдзі". Хрысціянскай малітвай з’яўляецца таксама марыйная малітва, паколькі ў яе аснове пакладзены Fiat (гл. Лк.1:38) і Magnificat (гл. Лк.1:46-55) Багародзіцы, заступніцтва ягой мы нястомна заклікаем у ёй  (ККЦ 2617-2619).
Што тычыцца таго, калі мы павінны маліцца, то Ісус наказвае нам маліцца заўсёды, гэты заклік паўтараецца некалькі разоў у Новым Запавеце (Лк. 18:1, 21:36; Эф 5:20, 06:18; Col 4: 2; 1 Тэс 5: 17-18). Ад самога пачатку, пачынаючы ад Новага Запавету, мы бачым першых хрысціян, якія пераймаюць прыклад Ісуса ў малітве[2]. З тых часоў айцы і маці Апостальскіх Цэркваў Усходу і Захаду[3], аж да сёння падтрымліваць гэта вучэнне і наследуюць гэты прыклад.





[1] Гл. John L. McKenzie, Dictionary of the Bible, Bruce Publishing Company, Milwaukee 1965, c.688.
[2] Прыклады і тэксты можна знайсці ў: Robert F. Taft, The Liturgy of the Hours in East and West: the Origins of the Divine Office and Its Meaning for Today, Liturgical Press, Collegeville 1986, раздзел 1.
[3] На тэму вучэння старажытных айцоў Царквы пра малітву гл. там жа, раздзел 2.

Комментариев нет:

Отправить комментарий