среда, 12 ноября 2014 г.

Роберт Ф. Тафт, Літургія: узор малітвы – ікона жыцця (11)

Працяг...
(Пераклад з ангельскай - а. Андрэй Буйніч)

5. Як гэтае асягаецца пры дапамозе літургіі?

Як літургія ў стане гэта зрабіць? Бо літургіяй Новага Запавету з'яўляецца Ісус Хрыстос. Як нястомна паўтараюць класічныя еўхарыстычных малітвы антыахейскага тыпу, такія як нашыя візантыйскія анафары св. Васіля Вялікага і св. Яна Златавуснага: калі мы ўгразлі ў грахоўнасці, Ісус памёр за нашыя грахі і ўваскрос для нашага збаўлення, прыносячы нам адзінства з Богам і паміж сабою ў Ім. Згодна з Новым Запаветам, гэта менавіта ўцелаўлёны Госпад і Збаўца ў сваёй самаадданай, прыміраючай паслухмянасці волі Айца, з’яўляецца новай літургія для паслядоўнікаў Ісуса.
Гэта Ён, а не новая сістэма рытуалаў, здзяйсняе і замяняе тое, што было раней. Новая святыня, яе святар і ахвяра; новы твор і новы Адам; новы запавет, новае абразанне і новы адпачынак шабату; новя Пасха і яе Пасхальны Агнец – гэта ўсё Ісус Хрыстос у Яго збаўчым жыцці за іншых. Ён проста ёсць "усё і ва ўсім" (Клс. 3:11), як гэта фармулюе св. Павел; Ён Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец (пар. Адкр. 1:8, 21:6, 22:13). Усё, што дзеялася да Яго знайшло ў Ім сваё спаўненне, бо: “Закон, маючы цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў [...] ніколі не можа ўдасканаліць тых, што прыступаюцца [з імі]” (Геб. 10:1). Гэта датычыць таксама літургічных рэалій:

Дык хай ніхто вас не асуджае за яду або пітво, або з прычыны дня святочнага, ці маладзіка, ці суботы, якія з’яўляюцца ценем будучага, целаж – Хрыстовае (Клс. 2: 16-17).

Наша літургія гэта тая самая рэчаіснасць, гэта Ісус Хрыстос у нас. Наша сапраўднае "багаслужэнне" павіннна быць уключана ў Яго, які з'яўляецца нашым уцелаўлёным збаўленнем; павінна быць жыццём, паводле ўзору, які Ён даў нам сваім прыкладам: памерці для граху, каб узняцца для новага жыцця ў Ім. Карацей кажучы, наша збаўленне – гэта ўслаўленне Бога, і Ён дае яго нам, а не мы Яму. Ён робіць гэта праз свайго Духа, які жыве і дзейнічае ў Яго Царкве.
Нашыя багаслужэнні, ці ў больш вузкім сэнсе нашыя літургічныя службы ці абрады – з'яўляюцца прывілеяваным грунтам для гэтай Боскай сустрэчы, тэафаніі або адкрыцця збаўчай Божай прысутнасці сярод нас у сучасным свеце. Новы Запавет адлюстроўвае сходы Царквы, (якая зараджаецца, каб слухаць Слова і дзяліцца хлебам), як прывіляваныя моманты прысутнасці ўваскрослага Госпада. Хоць, канешне, яны не з’яўляюцца адзіным грунтам для гэтай сустрэчы, бо Богу не патрэбны нашы багаслужэнні, каб сустрэць нас і паклікаць нас да сябе.
Паколькі асновай і крыніцай гэтай поўнай ласкі сустрэчы ёсць смерць і ўваскрасенне Ісуса, то уся хрысціянская літургія – гэта ўсцяж пастаноўка адзінай цэнтральнай метафары Пасхальнай Таямніцы, як адкрыцця для тых, хто будзе ўваходзіць у яго з верай – з верай у канчатковую рэчаіснасць, у канец і дэфінітыўнае значэнне ўсяго стварэння, гісторыі і жыцця. Для хрысціяніна Ісус ёсць вобразам Бога, а ўсе іншыя досведы і вобразы, які з яго паўстаюць, фармаваныя, акрэсленыя і рэінтэрпрытаваныя ў святле гэтага адзінага вобразу, гэтак жа як увесь вопыт Ізраіля нібы падсумаваны у падзеі Выхаду і Запавету. Карацей кажучы, хрысціянская літургія – гэта прыняцце Пасхальнай Таямніцы Ісуса, як адкрыцця Бога і Яго плана адносна нас. У Лісце да Калосцаў св. Павел сцверджвае, што Ісус ёсць "вобраз нябачнага Бога" (Клс. 1:15), для грэцкіх жа Айцоў Царквы літургія з’яўляецца вобразам гэтага вобраза.

Комментариев нет:

Отправить комментарий