Працяг...
(Пераклад з ангельскай - а. Андрэй Буйніч)7. Крыніца літургіі
Хрысціянская
літургія, такім
чынам, заснавана на рэчаіснасці ўваскрослага Хрыста, яна ёсць – паводле
трапнага выразу мялхіцкага каталіцкага тэолага Жана Корбона – liturgie de source[1]. Паколькі Уваскрослы Ісус – гэта
праслаўленае чалавецтва, то Ён прысутны Сваім
Духам у кожным месцы і ў кожнай эпохе не толькі як Збаўца, але як і
Той-Хто-Збаўляе; не толькі як Госпад, але адначасова як Святар і Ахвяра. Нішто
ў Яго існаванні ці дзеянні не ёсць мінулым, за выключэннем іх праяваў у
гістарычным парадку. У візантыйскай літургіі мы молімся да Яго і за Яго: «Бо Ты
сам Той, хто ахвяруе і каго раздаюць"[2].
Томас Дж. Тэлі (Thomas J. Talley) раз выказаў гэта так:
Дзякуючы ўваскрасенню, Хрыстос цяпер ёсць трансгістарычны
і даступны ў кожны момант. Мы можам ніколі не казаць пра Уваскрослага Хрыста ў гістарычным
мінулым. Яго пакуты з'яўляюцца гістарычнай падзеяй, але Хрыстос, які ўваскрос,
не існуе “там”, але тут, а мы жывем на гэтай рухомай лініі падзелу паміж памяццю
і надзеяй, паміж памяццю аб Яго пакутах і надзеяй на Яго паноўнае прыйсце, мы
заўсёды стаім у прысутнасці Хрыста, які заўсёды прысутны для кожнага. На гэтым палягае рэальная субстанцыя нашай
анамнезы[3].
Такім чынам, калі Біблія з'яўляецца Словам Божым у словах
чалавечых, то літургія з'яўляецца збаўчым дзеяннем Бога ва ўчынках тых мужчын і
жанчын, якія жадаюць жыць у Ім. Мэта літургіі – замыкаючы чарговы раз наша кола і вяртаючыся
да паўлавай тэалогіі літургіі, з якой мы пачалі – гэта ўключэнне нас у тыю самую
рэчаіснасць. Мэта Хросту ёсць ачышчэнне нас вадой ды аздараўленне і ўмацаванне
алеем; мэтай Еўхарыстыі ёсць не перамяненне хлеба і віна, але перамена нас.
Праз Хрост і Еўхарыстыю мы стаемся Хрыстамі адзін для аднаго і знакам для свету,
які яшчэ павінен пачуць Яго імя.
Такім чынам, наша сапраўдная хрысціянская літургія – гэта
проста жыццё Хрыста ў нас, якое мы адначасова і перажываем і цэлебруем. Гэта жыццё ёсць не чым
іншым, як тое, што мы называем Святым Духам. Гэта збаўленне і ёсць нашай
канчатковай мэтай. Адзіная розніца паміж гэтым і тым, чым мы спадзяемся
ўзрадавацца ў канчатковым спаўненні з'яўляецца тое, што люстэрка, пра якое гаворыцца
ў 1 Кар.13:12 больш не будзе неабходнае. Як пра гэта сказаў Адрын Носэнт (Adrien Nocent): заслона будзе
знята.
Параграф § 7 Канстытуцыі аб літургіі II Ватыканскага Сабору сцвярджае:
Каб споўніць так вялікую працу [збаўлення праз служэнне Царквы],
Хрыстос ёсць заўсёды прысутны ў сваёй Царкве, асабліва ў яе літургіі. Ён
прысутнічае ў ахвяры Імшы не толькі ў асобе цэлебранса... але асабліва пад еўхарыстычнымі
постацямі. Сваёй моцай ён прысутны ў сакрамэнтах, так што, калі хто-небудзь
хрысціць, то гэта сапраўды Сам Хрыстос хрысціць. Ён прысутны ў сваім слове, так,
што калі Святое Пісанне чытаецца ў Царкве, то гэта Ён сам прамаўляе. Нарэшце, Ён
прысутны, калі Царква моліцца і спявае псалмы...
На працягу многіх стагоддзяў,
хрысціянская літургія цэлебравала гэту падставовую метафару ў Слове і Сакрамэнце,
галоўным чынам і першапачаткова падчас Хросту, Еўхарыстыі, нядзелі і Пасхі, але
таксама і ў ютрані і вячэрні, і пахаваннях і вяселлях, і свят і, на самай
справе, кожны раз, калі хрысціяне збіраліся ў імя Ісуса. Дом Грэгорі Дікс выказаў
гэта вельмі лірычна ў сваёй класічнай працы пра літургію, The Shape of Liturgy:
У цэнтры ўсяго гэтага знаходзіцца эўхарыстычная дзеянне,
рэч абсалютная простая – бранне, блаславенне, ламанне і раздаванне хлеба, і прыманне,
блаславенне і даванне келіха віна і вады, так як гэта ўпершыню зрабіў,
укладаючы ў гэта новы сэнс, малады габрэй перад і пасля вячэры з сябрамі ў ноч
перад сваёй смерцю... Ён сказаў Сваім сябрам, каб з гэтага моманту чынілі гэтак
“на ўспамін пра Яго”, і гэтак сталася і ўсцяж дзеецца[4].
Ці было калі-небудзь нейкае іншае распараджэнне, якое так
пільна выконвалася? Стагоддзе за стагоддзем, павольна распаўсюджваючыся на ўсіх
кантынентах і ва ўсіх краінах, ды сярод усіх рас на Зямлі, гэта дзеянне было
праведзена, ва ўсіх магчымых чалавечых абставінах, у кожнай магчымай патрэбе
чалавека ад немаўленства і да яго да глыбокай старасці і пасля яе, на вяршынях
зямной велічы, але таксама і ў прытулаках уцекачоў – у пячорах і норах зямлі. Людзі
не знайшлі нічога лепшага чым гэта рэч: для каранацыі валадароў іх каронамі і
для злачынцаў, якія ідуць на эшафот; для трыўмфуючых войскаў і для нявесты і
жаніха ў маленькай вясковай царкве; пры абвяшчэнні дагматаў і для добрага
ўраджаю пшаніцы; для мудрасці Парламента і магутнасці нацыі ды за хворыю старушку,
якая баіцца памерці; для школьніка, які сядзіць на экзамене і для Калумба, які вырушае
адкрываць Амерыку; у голадзе цэлых правінцый і для душы памерлага каханага; каб
падзякаваць, што мой бацька не памёр ад запалення лёгкіх; каб паўстрымаць
вясковага старастў ад спакусы вярнуцца да пакланення бажкам, бо не ўрадзілі
салодкія клубні; бо туркі стаялі ля варот Вены; для пакаяння Маргарыты; для шчаслівага
ўрэгулявання забастоўкі; для сына для бясплоднай жанчыны; для капітана, параненага
і ўзятага ў палон; у той час, калі львы раўлі ў суседнім амфітэатры; на пляжы ў
Дзюнкерк; у той час, калі праз вокны царквы злёгку былі чутны косы, якія касілі
мажную чэрвенскую траву; з дрыжаннем – стары манаха ў пяцідзесятую гадавіны сваіх
шлюбаў; цішком – біскупа у ссылцы, які ўвесь дзень сек лес у лагеры пад
Мурманскам; велічна – падчас кананізацыі
св. Іоаны д'Арк… Можна было б запоўніць шмат старонак, пералічваючы нагоды, з
якіх людзі рабілі гэта, але і тады не была б пералічана сотая іх частка. А лепшы
з ўсіх такі: тыдзень за тыднем, і месяц за месяцам, праз сотні тысяч чарговых нядзель,
з верай і нязменна, ва ўсіх хрысціянскіх парафіях, святары робяць гэта толькі,
каб стварыць “plebis sancta Dei” – „святы народ Божы”.
Для тых, хто трохі ведае гісторыю хрысціянства, рэфлексіяй
на яе тэму, якая найбольш узрушае, напэўна будзе не думка пра вялікія падзеі і
добра вядомых святых, але пра пра тыя незлічоныя мільёны цалкам ананімных
вернікаў, кожны з якіх меў свае ўласныя надзеі, страхі, радасці, смуткі і ўпадабанні,
а таксамаі грахі, спакусы, малітвы – некалі яркія і жывыя, як цяпер нашы. Яны
не пакінулі пасля сябе ў гэтым свеце ані найменшага следу, нават імя, і адышлі
да Бога цалкам забытымі. Тым не менш, кожны з іх калісьці верыў і маліўся, падобна
як я раблю гэта сёння, і было ім цяжка, часамі спакушаліся і грашылі, раскайваліся
і зноў упадалі. Кожны з іх пакланяўся Богу ў Еўхарыстыі, іх думкі часам блукалі,
яны нанова спрабавалі засяродзіцца, адчувалі сябе абцяжарынымі і абыякавымі,
але ўсцяж ведалі – рэальна і кранальна, як я. Нам вядома невельмі пісьменная,
дрэнна выразаная вясковая эпітафія чацвёртага стагоддзя з Малой Азіі: "Тут
спіць бласлаўлёная Хіона, які знайшла Ерусалім, бо шмат малілася". Нічога
болей невядома пра Хіону, пра гэту нейкую сялянку, якая жыла ў тым, ужо зніклым
свеце хрысціянскай Анатоліі. Але як жа гэта цудоўна, што пасля шаснаццаці
стагоддзяў аб ёй засталася памяць, што шмат малілася, так, што суседзі, якія ведалі
яе ўсё сваё жыццё, былі ўпэўненыя – яна мусіла знайсці Ерусалім! Чым была для
блаславёнай Хіоны штотыднёвая нядзельная Еўхарыстыі ў яе вясковай царкве на
працягу жыцця – ды для мільёнаў такіх як яна, тады і потым? Сама думка пра дзівосную
колькасць любові да Бога, якая ёсць
дзеяннем, што нястомна паўтараецца ды дае свабоду цёмнаму хрысціянскаму люду на
працягу стагоддзяў – з'яўляецца сама па сабе ашаламляльнай. (З усім гэтым я ўстаю
кожную раніцу перад алтаром!).
Гэта дзякуючы таму, што еўхарыстычнае дзеянне глыбока
ўпісана ў жыццё хрысціянскіх народаў, размалёўваючы усю via vita простых людзей, адзначаючы
іх асабістыя пераломныя моманты – шлюб, хваробу, смерць і ўсё іншае, што праходзіць
з году ў год у рытме святаў, постаў і нядзель, так што эўхарыстычнае дзеянне
стала непарыўна ўплецена ў грамадскую гісторыю заходняга свету... У
Канстанцінопалі чыняць тое ж самае, ужываючы такіх самых словаў і жэстаў, якія
выкарыстоўвалі ў той час, калі срэбраныя трубы
базылеўса яшчэ гучалі над Басфорам, там, што здаецца нам цяпер дзіўнай казачнай
краінай Візантыйскай імперыі. У ХХ-м стагоддзі Шарль дэ Фуко ў сваім скіту ў
Сахары чыніў гэта паводле таго самага абраду, таксама як і св. Кутберт дванаццаць
стагоддзяў раней ў сваім скіту на востраве Ліндзісфарн ў паўночных моры...
Няма нічога дзіўна ў тым, што Еўхарыстыя мае гэту моц трымання
ў руках чалавечае жыццё, не толькі ў абстрактным сэнсе, але і ў канкрэтных
рэаліях – гэта моц спаўнення не толькі вялікіх безасабовых спраў, якія кранаюць
цэлыя народы, але і малых ды крухкіх спраў
жыцця і смерці чалавека, трымаючы іх у руках ды пераносячы іх па-за час. Такім
быў ад самага пачатку яе новы сэнс. Ліст да Гебраяў паказвае нам нашага Госпада,
які абвяшчае ўжо з моманту свайго нараджэння ў Бэтлееме: "Ахвяры і
прынашэння не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў. [...] Вось іду [...] выканаць,
Божа, волю Тваю" (Геб. 10:5,7). У апошнюю ноч Яго жыцця было гэтак жа:
"Гэта цела Маё…"; “А цяпер іду да Цябе…". (Ян. 17:13). Гэта ўсё пражытае
Ім дасканалае чалавечае жыццё, што было адвеку, усё жывое ў Ім, было ўзята,
выказана, наўмысна раздзелена і раздадзена пры ўстанаўленні Еўхарыстыі[5].
Гэтым усё сказана.
8. Для нашай малітвы
Давайце выкарыстаем рэшту гэтай гадзіны, разыходзячыся і разважаючы вялікую таямніцу Хрыста, да цэлебрацыі якой вы ўсе былі пакліканы як празбітары Яго Святой Царквы. Вазьміце анафару святога Васіля Вялікага і застасуйце да яе метад Lectio Divina, чытаючы павольна і малітоўна яе блаславёныя словы ды чынячы іх сваімі ўласнымі, ва ўдзячным здзіўленні перад таямніцай Божай эканоміі збаўлення, якая для нас так прыгожа і падрабязна выражана ў гэтай вялікай малітве, якой вы аднойчы будзеце маліцца стоячы перад алтаром.
[1] Гл. Jean Corbon, Liturgie de source, на ангельскую
ператлумачана пад назвай The Wellspring of Worship, або таксама гл. польскі пераклад гэтай
кнігі: Jean Corbon OP, Liturgia. Żródło wody
życia, tłum. A. Foltańska, Wydawnictwo W drodze, Poznań 2005.
[2] З Літургіі Яна Залатавуснага, цыт. за Госпаду памолімся. Малітоўнік, “Божым
шляхам”-”Сафія”, Лёндан-Менск 2002,
с.166.
[3] З нявыданых нататак да лекцый на тэму літургічнага году
(выдзяленне апошняга сказу дададзена мной), якія а. Тэлі былі ласкава
перададзеныя ў маё распараджэнне некалькі год назад.
[4] Gregory Dix, The Shape of Liturgy, Dacre Press, London 1945, c. 612.
[5] Там жа, с.743-746.
Комментариев нет:
Отправить комментарий