пятница, 31 октября 2014 г.

Роберт Ф. Тафт, Літургія: узор малітвы – ікона жыцця (7)

Працяг...
(Пераклад з ангельскай - а. Андрэй Буйніч)

Разважанне 2
Літургічная малітва, ікона нашага жыцця ў Хрысце



1. Хрысціянскае жыццё – гэта персаналізаваная Літургія

У 1513 годзе, Мікеланджэла Буанароці скончыў маляванне фрэскі ў Сікстынскай капліцы. У выдатнай сцэне стварэння, жыццядайны палец Божы распасціраецца, і амаль кранае працягнуты палец лежачага Адама. Літургія – гэта тое, што запаўняе прабел паміж гэтымі двума пальцамі. У сікстынскай метафары Бог з'яўляецца творчай, жыццядайнай, збаўчай, адкупленчай рукой, заўсёды скіраванай да нас, а гісторыя збаўлення – гэта гісторыя нашых узнятых рук (або гісторыя адмаўлення іх узняцця) у нястомным прыняцці гэтага дару і падзяке за яго. Вядома, я тут  выкарыстоўваю тэрмін “літургія” у самым шырокім, паўлавым сэнсе, каб агарнуць таксама тое, што айцы Царквы называлі oikonomia або commercium – гэты сталы, збаўчы абмен паміж Богам і намі, драбіну Якуба гісторыі збаўлення.

Гэта тэалогія хрысціянскай літургіі вынікае з прынцыпу навучання Новага Запавету, што ўся гісторыя збаўлення падсумавана і "увасоблена" ў Ісусе. Усё ў святой гісторыі – кожная падзея, аб'ект, святое месца, тэафанія, культ – было ўключана ў асобу Ўцелаўлёнага Хрыста. Ён ёсць адвечным Словам Божым, Яго новым творам і новым Адамам, новай Пасхай і пасхальным агнцам, новым запаветам, новым абразаннем і нябеснай маннай; Храмам Божым, новай ахвярай і яе святаром; спаўненнем адпачынку шабату і месіянскай эрай, якая надышла. Усё, што было раней знаходзіць ў Ім спаўненне, бо закон мае “цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў”, як мы чытаем у лісце да Гебраяў (Геб. 10:1), і што справядліва для кожнага пакланення.
Гэта адкрыццё закладвае аснову кожнай хрысціянскай тэалогіі літургіі і духоўнасці. Сапраўднае пакланенне, якое падабаецца Айцу, ёсць не што іншае, як збаўчае жыццё, смерць і ўваскрасенне Хрыста. Але паколькі праз хрост мы таксама з’яўляемся Хрыстом, то нашае пакланенне ёсць Яго ахвярным існаваннем ў нас. "Жыццё – гэта Хрыстос" – гаворыць нам св. Павел у Лісце да Піліпцаў (Плп. 1:21), а каб уратавацца – нам трэба прыпадобніца да Хрыста: праз паміранне для сябе ды праз паўстанне да новага жыцця ў Ім, хто як «апошні Адам» (1 Кар 15: 45) ёсць канчатковай формай адкупленай чалавечай прыроды. Бо мы пазнаем "магутнасць уваскрэсення Яго", толькі тады, калі пазнаем "супольнасць пакут Яго, каб упадобніцца смерці Яго" (Плп. 3:10).
Гэтая літургія жыцця, нашая сапраўдная хрысціянская літургія, з'яўляецца супольным царкоўным святкаваннем нашага збаўлення ў Хрысце. Па сутнасці, яна з'яўляецца найбольш дасканалым выразам і рэалізацыяй духоўнасці Царквы. Духоўнае жыццё – гэта жыццё ў Хрысце, і гэтае жыццё ствараецца, падтрымоўваецца і абнаўляецца ў літургіі. Ахрышчаныя таямніцай Яго смерці і Ўваскрасення, мы ўзнімаемся ў Ім, ды паколькі мы "у Хрыста апрануліся" (Гал. 3:27), а нават, паводле апостала Паўла, “Я ўкрыжаваны з Хрыстом: дык жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос” (Гал. 2:19б-20а; гл. таксама Кал. 2:6). З гэтага часу Ён жыве ў нас, моліцца ў нас, абвяшчае нам Слова свайго Новага Запавету, запячатвае яго сваёй ахвярай, корміць нас сваім Найсвятым Целам і Крывёй, схіляе нас да пакаяння і навяртання, услаўляе ў нас Айца. У навучанні Ён робіць нас удзельнікамі свайго жыцця; у абрадах і песнях Ён святкуе разам з намі; ў сакраментальнай ласцы Ён дае нам сілы жыць паводле яе.
Таямніца, якой ёсць Хрыстос, з'яўляецца цэнтрам хрысціянскага жыцця, і ўласна толькі гэту таямніцу (і нічога іншага) Царква аднаўляе ў літургіі, каб мы маглі быць ўцягнутыя ў яе. Калі мы пакідаем літургічны сход, каб вярнуцца да нашых іншых заняткаў, нас трэба толькі засвоіць тое, што мы перажылі ды рэалізаваць таямніцу ў нашым жыцці: інакш кажучы, нам трэба стаць другімі Хрыстамі. Мэтай літургіі з'яўляецца ўтварэнне ў нашым жыцці таго, што Царква здзяйсняе для нас у сваім публічным багаслужэнні. Духоўнае жыццё – гэта іншая назва асабістых адносін з Богам, а літургія ёсць нічым іншым, як агульным выразам адносін Царквы з Богам.
Уласна гэта абгрунтоўвае надзвычайную пазіцыю Каталіцкай Царквы ў пытанні прыроды хрысціянскага культу, як гэта падкрэслена ў Канстытуцыі аб святой Літургіі Другога ватыканскага (Sacrosanctum Concilium § 2), у якой гаворыцца:

Літургія, праз якую — асабліва ў боскай эўхарыстычнай Ахвяры — «здзяйсняецца справа нашага адкуплення», найбольш спрыяе таму, каб вернікі сваім жыццём выяўлялі і паказвалі іншым таямніцу Хрыста і сапраўдную сутнасць праўдзівай Царквы[1].

Папа Пій XII пацвердзіў тую ж дактрыну ў 1947 энцыклікай Mediator Dei, якая спаўняе ролю Magna Charta Liberatum сучаснага каталіцкага літургічнага руху, у якой гаворыцца:

“Гэта бясспрэчны факт, што праца нашага адкуплення працягваецца і што яе плён перадаецца нам падчас святкавання літургіі...” (§ 29). Таму, працягвае Папа Пій XII: “Літургічная малітва, як публічнае багаслужэнне святой Нявесты Ісуса Хрыста, пераўзыходзіць сваёй годнасцю прыватныя малітвы” (§ 37), ды “Культ, які аддаецца Богу Царквою ў адзінстве з яе Боскай Галавой, з'яўляецца найбольш эфектыўным сродкам для асягнення святасці” (§ 26).

Наступствы гэтага апошняга сцвярджэння для нашага духоўнага жыцця павінны быць відавочнымі. Літургія знаходзіцца ў самым цэнтры збаўчай справы Хрыста, якое ажыццяўляе праз служэнне Царквы. Той, хто не святкуе і не жыве літургіяй Царквы згодна з намерам Царквы, не можа лічыцца хрысціянінам або апосталам, верным Хрыстовай Царкве.
Гэткае навучанне не з’яўляецца толькі "каталіцкім". Сваімі пачаткамі яно ўзыходзіць да містэрыйнай тэалогіі Айцоў Царквы і класічных візантыйскіх літургічных каментатараў, якія сцвярджаюць, што літургія – гэта нішто іншае, як працяг збаўчай працы Адзінароднага Божага Сына. Менавіта таму адзін з вялікіх лацінскіх айцоў, св. Папа Леў Вялікі (440-461), адважваецца сказаць, што: "Тое, што можна было пабачыць у нашага Адкупіцеля, тое перайшло ў літургію", іншымі словамі, тое, што здзяйсняў Ісус гістарычна падчас свайго зямнога жыцця, Ён працягвае рабіць у сакраментальны спосаб праз таямніцу літургіі, якую Ён здзяйсняе ў Царкве і разам з Царквою.




[1] Другі ватыканскі сабор, Канстытуцыя пра святую літургію “Sacrosanctum Concilium”, 2, цыт. за: [online] http://katecheta.narod.ru/cjncilium.htm (даступна ў 24.10.2014).

Комментариев нет:

Отправить комментарий