понедельник, 20 октября 2014 г.

Роберт Ф. Тафт, Літургія: узор малітвы – ікона жыцця (3)

Працяг...
(Пераклад з ангельскай - а. Андрэй Буйніч)

3. Спосабы малітвы

Аўтары, якія пішуць пра Духоўнасць апісваюць мноства спосабаў малітвы, некаторыя з іх маюць шмат агульнага і больш менш падобныя між сабой. Існуе літургічная малітва, вусная малітва, малітва розумам, медытацыя, сузіранне, lectio divina, hesychia (ісіхія) або “малітва цішы” як яе назвалі на Захадзе. Некаторыя з гэтых тэрмінаў могуць стаць прычынай непаразумення. "Малітва розумам" ці "медытацыя", напрыклад, можа быць памылкова прынята проста за мысленне ці рэфлексію, што само па сабе вогуле не з’яўляецца малітвай. Таксама некаторыя аўтары недацэняюць “вусную малітву”, як быццам бы яна была другога гатунку, толькі рэцытацыяй словаў напамяць, без неабходнай інтэрыярызацыі – унутранага засвойвання. Сапраўды, былі часы ў гісторыі Царквы, калі нават літургічная малітва успрымалася пераважна такім жа чынам, і лічылася другасный у стасунку да сузірання ці “ўнутранай малітвы”.
Праўда аднак у тым, што большасць метадаў малітвы ўключаюць усе ці, прынамсі, некалькі з пасярод іх: можна сузіраць ікону, медытаваць словамі псалму або над фрагментам іншага духоўнага тэкста ці над нейкай духоўнай тэмай. Рэфлесія над святым абразом ці Божым Словам узнімае сэрца і натхняе чалавека пагаварыць з Богам аб тым, што ляжыць у яго ў сэрцы і што замае яго розум, а потым уважліва слухаць адказ Яго ласкі. Падобным чынам ёсць з вуснай малітвай ці малітвай, якая ў старажытнай традыцыі заходняга манаства называецца lectio divina. Гэта не проста духоўнае чытанне нейкіх пабожных тэкстаў, але павольнае, малітоўнае, медытатыўнае чытанне, падчас якога наступаюць паўзы, калі ўзрушанае сэрца звяртаецца да Бога, каб гаварыць з Ім пра тое, што перажывае ​​дух. Гэта тое ж самае, што прапануе класічны другі спосаб малітвы святога Ігната Лайолы ў Духоўных практыкаванняў (SpEx §§249-257). Св. Ян Батыст Марыя Віянэй, больш вядомы як Пробашч з Арс, распавядае, як адзін з яго парафіян, французскі селянін, называў сузіранне позіркам веры, камуніяй любові. Калі яго папрасілі апісаць яго малітву перад даразахоўніай, ён сказаў: “Я гляджу на Ісуса, а Ён глядзіць на мяне” (ККЦ 2715).
Усе гэтыя спосабы малітвы можна знайсці – пад рознымі імёнамі – у класікаў ўсходняй і заходняй духоўнасці. Адзін з маіх улюбёных аўтараў 19-га стагодзя – расійскі праваслаўны біскуп Феафан Затворнік або Theophan the Recluse, духоўны настаўнік, які жыў 1815-1894 гг. Рукапакладзены ў біскупа ў 1860 годзе, пасля шасці гадоў ён сышоў у адстаўку і адасобніўся ў невялікім манастыры, каб жыць там у самотнасці жыццём малітвы[1]. Феафан, які называе малітву “прадстаяннем перад Богам з розумам ў сэрцы” вылучае тры ступені малітвы: цялесную або вусную малітву, малітву розума, і малітву сэрца, інакш “малітву розума ў сэрцы”. Вусныя малітвы або малітвы, якія вымаўляем услых – як навучае з геніяльная праніклівасцю Феафана – узніклі як чыста духоўныя малітвы, якія толькі пазней, калі былі запісаныя, сталі вуснымі. Калі мы молімся імі цяпер, то мы павінны – піша Феафан – звярнуцца да адваротнага працэсу і ўвайсці ў дух малітваў, якія мы чуем і чытаем, паўтараючы іх у сваім сэрцы; і такім чынам ахвяроўваць іх з уласнага сэрца Богу так, нібы яны нарадзіліся ў нашым ўласным сэрцы пад дзеяннем ласкі Духа Святога. Тады і толькі тады гэтыя малітва будзе да спадобы Богу. Як мы можам дасягнуць такой малітвы? Трэба ўважліва разважыць малітвы, якія мы збіраемся прачытаць у нашым малітоўніку; глыбока перажыць іх, нават навучыцеся іх напамяць. Вось тады, калі мы пачнем імі маліцца, то будзем выказваць імі тое, што мы ўжо адчулі ў глыбіні свайго сэрца.
Тое ж самае датычыцца літургічных спеваў. Спасылаючыся на вучэнне святога Яна Залатавуснага (каля 350-407), Феафан кажа: “Спевы павінны ў першую чаргу быць духоўным, і спявацца не толькі вуснамі, але і сэрцам”.
Пры сталай практыцы такой “малітвы розуму ў сэрцы», наша малітва становіцца адухоўленай і пачынае жыць сваім ўласнум жыццём, стаўшы “самачыннай”,  як яе называе Феафан, “калі малітва існуе і дзейнічае сам па сабе”, што значыць, што яна рухаецца пры дапамозе ласкі Духа, а не нашай уласнай чалавечай воляй. Паволі, словы знікаюць з малітвы, і яна становіцца сардэчнай, бязмоўнай і нястомнай малітвай любові. У гэтым апісанні працэса ўнутранай малітвы няма нічога, што было б чужым заходняй духоўнасці, нягледзячы на адчайныя спробы распаўсюджвальнікаў клішэ, знайсці паўсюль непрымірымыя розніцы паміж Усходам і Захадам.
Раннія ісіхасты таксама развівалі “фізічны метад”, сістэму цялесных паставаў і дыхацельных тэхнік, якія спрыялі такому стану малітвы. Ёсць таксама нешта падобна яму ў “трэцім спосабе малітвы” ў Духоўных практыкаваннях св. Ігната Лайолы (SpEx §§258). Аднак Феафан і іншыя аўтарытэтныя расійскія настаўнікі 19-га стагодзя, такія як біскуп Ігнат Брянчанінаў (1807-1867), падыходзілі трошкі стрымана да гэтага “фізічнага метаду”[2].
Аўтары як Усходу, гэтак і Захаду, у асноўным гавораць пра тое, што я называю "інтэрыярызацыяй" (“закараненнем”) вуснай і літургічнай малітвы. Інтэрыярызацыя асноўваецца на тым, што мы, прымаючы напісаны тэкст, робім яго сваім уласным праз малітву ім у сваім сэрцы так, што калі зноў да яго вяртаемся, то ён ужо не застаецца для нас чужой малітвай, але стаецца рухам нашага сэрца.




[1] Матэрыял пра Феафана ўзяты з: The Art of Prayer: An Orthodox Anthology, compiled by Igumen Chariton of Valamo,  translated by E. Kadloubovsky and E.M. Palmer, edited with an Introduction by Timothy Ware (London 1966). Гл. таксама, выдатна прадстаўлены апоші варыянт, навуковы і адначасова духоўны: M. van Parys, “Saint Théopane le Reclus et la prière du cœur,” in Le feu sur la terre. Mélanges Boris Bobrinskoy (Paris 2005) 113-126. Я ўдзячны а. абату Міхалу OSB, абату Шевентонь (Chevetogne) на пенсіі за экзэмпляр гэтай працы.

[2] Пар. The Art of Prayer 34-36.

Комментариев нет:

Отправить комментарий