воскресенье, 19 октября 2014 г.

Роберт Ф. Тафт, Літургія: узор малітвы – ікона жыцця (2)

Працяг...
(Пераклад з ангельскай - а. Андрэй Буйніч)

2. Чым ёсць малітва?

ЯК ГЭТЫЯ ДУХОЎНЫЯ настаўнікі акрэслівалі ці апісвалі малітву? Што, паводле іх, азначае маліцца? Св. Ян Дамаскін (каля 650-749), “апошні з грэцкіх айцоў”, піша ў сваім класічным трактаце “Аб праваслаўнай веры”, што “Малітва – гэта ўзнясенн душы да Бога ці просьба, скіраваная да Бога, аб дабротах, якія адпавядаюць Яго волі”(3:24)[1]. Зусім нядаўна, Св. Тэрэза з Ліз’е, гэта “Маленькая кветка”, безумоўна адна з самых улюбёных святых 20-га стагоддзя, аднолькава дарагая для хрысціян Усходу і Захаду, сказала пра тое больш проста, у жаночы спосаб:

Для мяне малітва - гэта парыў сэрца; гэта просты погляд звярнуты да неба, гэта крык удзячнасці і любові – як ў выпрабаванні, гэтак і ў  радасці[2].

Гэтак малітва заўсёды з’яўляецца зваротам да Бога адным выбраным або некалькімі дадзенымі нам для гэтага спосабамі: словамі ці без ніх, у думкі, у любові, у тузе або роспачы, у радасці або дэпрэсіі, з падзякай або скаргай. Яна не мае ніякіх межаў, і ніводнае акрэсленне не можа вычарпаць яе ў поўні, паколькі яна мае мірыяды абліччаў. Малітва гаворыць, але таксама і слухае; малітва просіць, але і атрымлівае. Малітва не з’яўляецца нашым падарункам Богу, але яго дарам для нас, у Святым Духу – Параклеце або Суцяшальніку, якога Творца паслаў, каб быць з намі заўсёды (Ян. 14:25).
Больш поўнае і больш фармальнае сучаснае акрэсленне малітвы мы знойдзем у выдатным Катэхізісе Каталіцкай Царквы (ККЦ 2564-2565):

Хрысціянская малітва – гэта сувязь запавету паміж Богам і чалавекам у Хрысце. Яна ёсць дзеяннем Бога і чалавека; яна выплывае з Святога Духа і з нас, цалкам скіравана да Айца, у еднасці з чалавечай воляй Сына Божага, які стаў чалавекам (ККЦ 2564).

У Новым Запавеце малітва – гэта жывая сувязь дзяцей Божых з іх бясконца добрым Айцом, з Яго Сынам Ісусам Хрыстом і са Святым Духам. Ласка Царства ёсць “адзінствам ўсёй святой і валадарнай Тройцы... З усім чалавечым духам”[3]. Такім чынам, малітоўнае жыццё – гэта звычка перабываць у прысутнасці Трысвятога Бога і ў камуніі з ім. Гэта камунія жыцця ёсць заўсёды магчыма, бо праз Хрост, мы ўжо з’ядналіся з Хрыстом (пар Рым.6:5). Малітва ж з'яўляецца хрысціянскай пастолькі, паколькі яна ёсць камуніяй з Хрыстом і паколькі ўзрастае ў Царкве, якая ёсць Яго Целам. Яе вымярэнні – гэта вымярэнні любові Хрыста (пар.Эф.3:18-21) (ККЦ 2565).




[1] Цыт.за: ККЦ 2559; гл. Кампендый 534.
[2] Цыт.за: ККЦ 2558.
[3] Св. Рыгор з Назіанзу, Oratio XVI, 9, у: PG 35, 945.

Комментариев нет:

Отправить комментарий