воскресенье, 16 ноября 2014 г.

Роберт Ф. Тафт, Літургія: узор малітвы – ікона жыцця (12)

Працяг...
(Пераклад з ангельскай - а. Андрэй Буйніч)

6. Літургія ёсць цяпер

Прысутнасць у цяперашнім часе усяго гэтага, асноўваецца на тым, што мы не святкуем нешта з мінулага, але святкуем пастаянна прысутную ў дадзены момант рэчаіснасць, усцяж актуальны выклік і адказ, новае жыццё, якое мы называем збаўленнем, якое было паклікана да жыцця збаўчымі падзеямі, якія сышлі ў мінулае толькі ў іх гістарычным сэнсе. Збаўчыя падзеі з зямнога жыцця Ісуса – гэта больш, чым проста эпіфанія або знак, больш, чым проста праява збаўлення. Яны з'яўляюцца фактычнымі сродкамі гэтага збаўлення, яго інструментальнай прычынай. Гэтыя падзеі мінулага з'яўляюцца мінулым толькі ў парадку іх гістарычнага з’яўлення, гэта значыць, што мы ўспрымаем іх у песпектыве чалавечай гісторыі. Наша традыцыя навучае, праз пралог Евангелля паводле Яна, што Ісус Хрыстос не толькі чалавек, але і адвечнае Божае Слова. Такім чынам, Ён з'яўляецца для вечнасці тым, кім Ён стаў. Не толькі Яго збаўчая ахвяра ёсць вечнай; Ён сам ёсць сваёй вечнай ахвярай, і ўласна ў Яго прысутнасці сярод нас, гэта Яго ахвяра вечна для нас прысутная.

Такім чынам, наша літургія не святкуе падзеі мінулага, але прысутную асобу Бога, які ўтрымлівае ў сабе назаўжды усё тое, чым Ён ёсць і быў, і ўсё тое, што Ён зрабіў для нас. Вось чаму лацінская Царква можа спяваць у старажытным гімне: "Iam pascha nostra Christus est, Paschalis idem victima (“Бо Хрыстос – наша Пасха і пасхальная ахвяра”).
Іншымі словамі, Ісус Хрыстос, наш Госпад і наш Бог ёсць утваральным кампанентам літургіі. І гэта ляжыць у аснове: Ісус не знаходзіцца вонкі нашага культу, але Ён з'яўляецца яго асноватворным кампанентам. Ён, як гаворыць нам св. Павел, з'яўляецца Галавой Цела, а працягваючы далей гэту метафару можна сказаць, што – як гэта бывае ў любы жывым целе – уласна з галавы ідуць сігналы, якія прымаюць і выконваюць іншыя члены, што абумоўлівае тое, што цэлебрацыя становіцца цэлебрацыяй. Калі нечага няма – сігнала ад Ісуса, або нашага прыёму - то няма цэлебрацыі.

Але мы таксама з'яўляемся інтэгральнай часткай літургіі. Калі ў адпаведнасці з Новым Запаветам, новы і з гэтага часу адзіны культ годны Айца – гэта самаахвярны кенозіс Яго Сына, то не трэба думаць, што мы самі застаемся вонкі. Наша пакланенне – гэта такое ахвярнае жыццё, якое навечна ўвасоблена ва Уваскрослым Госпадзе, пераказанае і выказанае, і перажытае ў нас праз Духа ў кульце Царквы.

Комментариев нет:

Отправить комментарий